Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага
працэсу пры вывучэнні вучэбнага прадмета
«ФІЗІЧНАЯ КУЛЬТУРА І ЗДАРОЎЕ»
- Вучэбныя праграмы
Клас
|
I
|
II
|
III
|
IV
|
Год зацвярджэння (выдання) вучэбнай праграмы
|
2017
|
2017
|
2017
|
2018
|
Клас
|
V
|
VI
|
VII
|
VIII
|
IX
|
Х
|
XI
|
баз.узров.
|
павыш.узров.
|
баз. узров.
|
павыш.узров.
|
Год зацвярджэння (выдання) вучэбнай праграмы
|
2019
|
2019
|
2019
|
2019
|
2019
|
2020
|
2020
|
2021
|
2021
|
Вучэбныя праграмы для спецыяльных медыцынскіх груп
Вучэбная праграма па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» для спецыяльных медыцынскіх груп І—ХІ клаcаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, з беларускай мовай навучання і выхавання. — Мінск, 2017 // Нацыянальны адукацыйны партал (http://adu.by).
Учебная программа по учебному предмету «Физическая культура и здоровье» для специальных медицинских групп І—ХІ классов учреждений образования, реализующих образовательные программы общего среднего образования, с русским языком обучения и воспитания. — Минск, 2017 // Национальный образовательный портал (http://adu.by).
Усе вучэбныя праграмы размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале: http://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. I—IV класы; Вучэбныя прадметы V—XI класы / Фізічная культура і здароўе.
Настаўнік можа змяняць паслядоўнасць вывучэння раздзелаў вучэбных праграм, а таксама выкарыстоўваць па сваім меркаванні змест і гадзіны варыятыўнага кампанента.
- Асаблівасці арганізацыі адукацыйнага працэсу
Звяртаем увагу, што пры арганізацыі адукацыйнага працэсу настаўнік абавязаны кіравацца патрабаваннямі вучэбных праграм па вучэбным прадмеце, на аснове якіх ён складае каляндарна-тэматычнае планаванне, распрацоўвае планы-канспекты вучэбных заняткаў з улікам рэальных умоў навучання і выхавання ў канкрэтным класе. Вучэбна-метадычнае забеспячэнне, якое выкарыстоўваецца настаўнікам, павінна быць накіравана на дасягненне адукацыйных вынікаў, зафіксаваных у вучэбных праграмах.
У вучэбнай праграме змяшчаюцца практычны і тэарэтычны вучэбныя матэрыялы, якія падлягаюць абавязковаму засваенню, а таксама патрабаванні да адукацыйных вынікаў вучняў. Не дапускаецца прад'яўленне да вучняў патрабаванняў, якія не прадугледжаны вучэбнымі праграмамі.
Рэалізацыя выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета
У 2022/2023 навучальным годзе неабходна звярнуць асаблівую ўвагу на рэалізацыю ў адукацыйным працэсе выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета з мэтай фарміравання ў вучняў пачуцця патрыятызму, грамадзянскасці, павагі да гістарычнага мінулага. Вырашэнне гэтай задачы напрамую звязана з дасягненнем вучнямі асобасных адукацыйных вынікаў, да якіх адносяцца:
стаўленне да ўласнага здароўя і здароўя навакольных як каштоўнасці;
дысцыплінаваныя паводзіны, добразычлівыя адносіны да таварышаў, калектывізм, сумленнасць, спагадлівасць, смеласць, настойлівасць у дасягненні мэты;
гарманічнае спалучэнне маральных, фізічных і інтэлектуальных якасцей асобы.
Пры фармулёўцы выхаваўчых задач урока трэба арыентавацца на ўказаныя асобасныя адукацыйныя вынікі.
У змесце вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе» ў найбольшай ступені на дасягненне асобасных адукацыйных вынікаў арыентаваны раздзел «Асновы фізкультурных ведаў» (тэмы «Правілы бяспечных паводзін на фізкультурных, спартыўных занятках і падчас самастойных заняткаў фізічнымі практыкаваннямі», «Здаровы лад жыцця і сродкі фізічнай культуры ў здаровым ладзе жыцця», «Алімпізм і алімпійскі рух»).
Пры асвятленні тэарэтычных пытанняў рэкамендуецца падбіраць матэрыял, накіраваны:
на выхаванне ў вучняў патрыятызму, пачуцця гонару за беларускі народ, грамадзянскасці, нацыянальнай самасвядомасці (напрыклад, дасягненні беларускіх спартсменаў у міжнародных спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях, алімпійскі рух у Беларусі);
фарміраванне культуры бяспекі жыццядзейнасці, каштоўнасных адносін да здароўя (напрыклад, правілы складання комплексаў практыкаванняў для самастойных заняткаў, правілы здаровага ладу жыцця).
Пры вывучэнні кожнай тэмы неабходна ствараць умовы для развіцця ў вучняў арганізаванасці, дысцыплінаванасці, самастойнасці, ініцыятыўнасці, смеласці, настойлівасці ў дасягненні мэты і іншых якасцей.
Рэалізацыі выхаваўчага патэнцыялу вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе» садзейнічае падрыхтоўка прэзентацый і відэаролікаў аб дасягненнях беларускіх спартсменаў; самастойнае складанне вучнямі заданняў, комплексаў практыкаванняў і трэніровачных заняткаў; арганізацыя спартыўных мерапрыемстваў у пазаўрочны час; наведванне спартыўных аб'ектаў (Рэспубліканскага цэнтра алімпійскай падрыхтоўкі па зімовых відах спорту «Раўбічы», шматпрофільнага культурна-спартыўнага комплексу «Мінск-Арэна» і інш.).
Для арганізацыі вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту» штогод да 1 верасня загадам кіраўніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі вучні размяркоўваюцца на асноўную, падрыхтоўчую групы, спецыяльную медыцынскую групу (далей — СМГ), групу лячэбнай фізічнай культуры (далей — група ЛФК) на падставе медыцынскіх даведак аб стане здароўя, выдадзеных установамі аховы здароўя ў парадку, устаноўленым заканадаўствам.
Вучні, якія не прайшлі медыцынскае абследаванне, прысутнічаюць на вучэбных занятках па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», занятках «Гадзіна здароўя і спорту», але да практычнага выканання заданняў (рухальнай актыўнасці) не дапускаюцца. Гэтыя вучні могуць прыцягвацца да выканання тэарэтычных заданняў.
Для павышэння якасці выкладання вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе» на ўсіх ступенях агульнай сярэдняй адукацыі мэтазгодна забяспечыць правядзенне вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» настаўнікамі фізічнай культуры (якія маюць адпаведную адукацыю па напрамку спецыяльнасцей фізічнай культуры і спорту).
Згодна са службовымі абавязкамі і з мэтай ажыццяўлення планавання адукацыйнага працэсу настаўнік па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» распрацоўвае і вядзе наступную плануючую дакументацыю:
гадавы план-графік размеркавання вучэбнага матэрыялу;
каляндарна-тэматычнае планаванне вучэбнага матэрыялу;
паўрочнае (бягучае) планаванне вучэбнага матэрыялу (планы-канспекты).
У паўрочным (бягучым) планаванні павінны быць адлюстраваны задачы ўрока, якія адпавядаюць этапам фарміравання рухальных уменняў і навыкаў; практыкаванні (комплексы практыкаванняў) для фарміравання рухальных уменняў і навыкаў; пералік спартыўнага абсталявання, што выкарыстоўваецца на вучэбных занятках, і інвентару, метады правядзення вучэбных заняткаў; арганізацыйна-метадычныя ўказанні і іншыя структурныя элементы планавання.
Каляндарна-тэматычнае планаванне складаецца з улікам часу, адведзенага ў вучэбнай праграме па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» на вывучэнне асобных тэм.
Гадавы план-графік размеркавання вучэбнага матэрыялу і каляндарна-тэматычнае планаванне вучэбнага матэрыялу, распрацаваныя настаўнікам, узгадняюцца членам адміністрацыі, які курыруе вучэбны прадмет «Фізічная культура і здароўе», зацвярджаюцца кіраўніком установы агульнай сярэдняй адукацыі да пачатку навучальнага года. Плануючая дакументацыя захоўваецца на працягу навучальнага года ва ўстанове адукацыі ў настаўніка, які праводзіць вучэбныя заняткі па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе».
Звяртаем увагу на неабходнасць правядзення вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту» на высокім арганізацыйным узроўні. Пры спрыяльных умовах надвор'я заняткі варта праводзіць на свежым паветры.
Пры наяўнасці ўмоў для правядзення вучэбных заняткаў у басейне неабходна прадугледзець навучанне плаванню ў межах вучэбных гадзін, адведзеных вучэбнай праграмай па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе».
Для правядзення факультатыўных заняткаў спартыўнай накіраванасці ў I—XI класах выкарыстоўваюцца вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь. Вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў размешчаны на нацыянальным адукацыйным партале (http://adu.by/ Галоўная / Адукацыйны працэс. 2022/2023 навучальны год / Агульная сярэдняя адукацыя / Вучэбныя прадметы. I—IV класы; Вучэбныя прадметы. V—XI класы / Фізічная культура і здароўе) і сайце ўстановы «Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту вучняў і студэнтаў» (www.sporteducation.by/ Дакументы /Вучэбна-метадычны комплекс).
З мэтай стварэння ўмоў для арганізацыі спартыўнай падрыхтоўкі адораных у спорце вучняў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі па ініцыятыве кіраўнікоў спецыялізаваных вучэбна-спартыўных устаноў могуць стварацца спецыялізаваныя па спорце класы. Вывучэнне вучэбных прадметаў у спецыялізаваных па спорце класах ажыццяўляецца на базавым узроўні.
Для дапамогі вучням у выбары будучай прафесійнай дзейнасці ў сферы фізічнай культуры і спорту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі могуць адкрывацца профільныя класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці. У гэтых класах вучні засвойваюць змест вучэбных прадметаў «Біялогія» і «Фізічная культура і здароўе» на павышаным узроўні і змест вучэбнай праграмы факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў спартыўна-педагагічныя прафесіі».
Вучэбная праграма факультатыўных заняткаў «Уводзіны ў спартыўна-педагагічныя прафесіі» для вучняў X—XI класаў устаноў адукацыі, якія рэалізуюць адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджана пастановай Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 22.07.2019 № 121 і размешчана на нацыянальным адукацыйным партале: http://adu.by/ Педагогам / Профільныя класы спартыўна-педагагічнай накіраванасці.
Адміністрацыяй установы адукацыі сумесна з медыцынскім работнікам павінен ажыццяўляцца кантроль за арганізацыяй фізічнага выхавання вучняў, у тым ліку з выбарачнай ацэнкай вучэбных заняткаў па фізічнай культуры.
Звяртаем увагу на неабходнасць стварэння і забеспячэння бяспечных умоў пры арганізацыі і правядзенні адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту».
Забаронена выкарыстоўваць самаробнае (нестандартнае) спартыўнае абсталяванне і інвентар. Спартыўнае абсталяванне на тэрыторыі ўстановы адукацыі, спартыўны інвентар па канструкцыі, памерах, прымяняемых матэрыялах павінны адпавядаць узроставым і псіхафізічным асаблівасцям вучняў, патрабаванням тэхнічных нарматыўных прававых актаў, якія змяшчаюць абавязковыя для выканання патрабаванні. Бяспека пры эксплуатацыі спартыўнага абсталявання забяспечваецца шляхам выкарыстання абсталявання па прызначэнні ў адпаведнасці з патрабаваннямі эксплуатацыйных дакументаў арганізацый-вытворцаў.
Кіраўнік установы агульнай сярэдняй адукацыі нясе персанальную адказнасць за арганізацыю дзейнасці ўсіх вучняў падчас правядзення ўрокаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту». Адказнасць за забеспячэнне бяспечных умоў пры гэтым неабходна ўскладаць на педагагічных работнікаў установы агульнай сярэдняй адукацыі, якія арганізуюць дзейнасць вучняў падчас правядзення вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту».
Для павышэння ўзроўню інфармаванасці вучняў і іх законных прадстаўнікоў па пытаннях арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», прапаганды фізічнай культуры і спорту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі трэба афармляць наступныя стэнды нагляднай агітацыі:
10-бальныя шкалы ацэнкі вучэбных нарматываў па засваенні ўменняў, навыкаў, развіццю рухальных здольнасцей вучняў;
каляндарны план правядзення фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў на навучальны год;
экран ходу круглагадовай спартакіяды ўстановы адукацыі;
лепшыя спартсмены і рэкорды, спартыўнае жыццё ўстановы адукацыі.
- Асаблівасці арганізацыі і правядзення заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту»
Заняткі «Гадзіна здароўя і спорту» ўносяцца ў расклад вучэбных (факультатыўных) заняткаў установы агульнай сярэдняй адукацыі і ўключаюцца ў вучэбную нагрузку настаўніка.
Вучэбная гадзіна, якая выдаткоўваецца на правядзенне заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту», не ўлічваецца пры вызначэнні максімальнай дапушчальнай нагрузкі на аднаго вучня і з'яўляецца абавязковай для наведвання ўсімі вучнямі.
На наведванне заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту» заява законных прадстаўнікоў вучняў не патрабуецца.
Да правядзення заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту» прад'яўляюцца такія ж арганізацыйныя, педагагічныя, санітарна-гігіенічныя патрабаванні, як і да правядзення вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе». Недапушчальна правядзенне ў адзін дзень вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» і заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту».
Пры арганізацыі заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту» захоўваецца той жа парадак распрацоўкі і зацвярджэння планавай дакументацыі, як і пры арганізацыі вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе».
Улік заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту» вядзецца на старонках класнага журнала асобна ад старонак, вылучаных на вучэбны прадмет «Фізічная культура і здароўе».
Пры планаванні і правядзенні заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту» рэкамендуецца выкарыстоўваць:
вучэбныя праграмы для ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі з рускай (беларускай) мовай навучання і выхавання па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» для кожнага класа адпаведна;
вучэбныя праграмы факультатыўных заняткаў фізкультурна-спартыўнай накіраванасці, зацверджаныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь;
праграмна-метадычныя матэрыялы па пытаннях арганізацыі і правядзення заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту», якія ўключаюць пералік і змест рухомых гульняў для вучняў I—IV класаў, распрацаваныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і ўстановай «Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту вучняў і студэнтаў» (размешчаны на сайце www.sporteducation.by/ Дакументы / Вучэбна-метадычны комплекс);
праграмна-метадычныя матэрыялы па пытаннях арганізацыі і правядзення заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту», якія ўключаюць пералік і змест спартыўных гульняў (баскетбол, валейбол, гандбол, футбол) для вучняў V—XI класаў, распрацаваныя Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь і ўстановай «Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту вучняў і студэнтаў» (размешчаны на сайце www.sporteducation.by/ Дакументы / Вучэбна-метадычны комплекс).
Пры выбары змястоўнага напаўнення заняткаў «Гадзіна здароўя і спорту» ў V—XI класах колькасць і пералік вывучаемых відаў спорту не рэгламентуюцца. Рэкамендуецца ўключаць у заняткі «Гадзіна здароўя і спорту» тэмы, якія вывучаюцца на вучэбных занятках.
На занятках «Гадзіна здароўя і спорту» адзнакі не выстаўляюцца.
- Патрабаванні да арганізацыі вучэбных заняткаў з вучнямі падрыхтоўчай групы, СМГ, групы ЛФК
Вучэбныя заняткі па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» з вучнямі, аднесенымі па стане здароўя да падрыхтоўчай групы, праводзяцца разам з вучнямі асноўнай групы згодна з рэкамендацыямі медыцынскага работніка па прынцыпе дыферэнцыраванага падыходу да фізічнага развіцця вучняў з улікам стану іх здароўя і пры ўмове паступовага засваення комплексу рухальных уменняў і навыкаў.
У адпаведнасці з пунктам 6 Інструкцыі аб парадку размеркавання навучэнцаў у асноўную, падрыхтоўчую, СМГ, групу ЛФК, зацверджанай пастановай Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь ад 09.06.2014 № 38 (далей — Інструкцыя) у падрыхтоўчую групу для заняткаў фізічнай культурай і спортам размяркоўваюцца вучні з дызгарманічным фізічным развіццём і (або) тыя, што адстаюць ад аднагодкаў у фізічнай падрыхтаванасці, без адхіленняў або з нязначнымі адхіленнямі ў стане здароўя.
Да заняткаў у аб'яднаннях па інтарэсах, секцыях, групах па спартыўных інтарэсах, клубах па фізічнай культуры і спорце, да падрыхтоўкі і ўдзелу ў фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемствах, спартыўных спаборніцтвах вучні, якія адносяцца да гэтай групы, дапускаюцца індывідуальна пасля дадатковага медыцынскага агляду і (або) абследавання.
Указаны пункт Інструкцыі не змяшчае нормы аб допуску вучняў, якія адносяцца па стане здароўя да падрыхтоўчай групы, да падрыхтоўкі і здачы нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы. Такім чынам, вучні, аднесеныя па стане здароўя да падрыхтоўчай групы, выконваюць патрабаванні вучэбных праграм па засваенні спосабаў дзейнасці, фарміраванні рухальных уменняў і навыкаў з улікам медыцынскіх паказанняў і супрацьпаказанняў і не дапускаюцца да здачы вучэбных нарматываў па фізічнай падрыхтоўцы. Указаныя выключэнні не павінны ўплываць на выніковую адзнаку.
Вучэбныя заняткі па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» з вучнямі, якія аднесены па стане здароўя да СМГ, праводзяцца настаўнікамі фізічнай культуры, якія засвоілі адукацыйную праграму павышэння кваліфікацыі, з перыядычнасцю праходжання курсавой падрыхтоўкі ў тэрміны, устаноўленыя заканадаўствам.
Камплектаванне СМГ на пачатак навучальнага года праводзіцца медыцынскім работнікам на падставе вынікаў медыцынскага абследавання вучняў.
Вучэбныя заняткі з вучнямі СМГ павінны быць арганізаваны на пачатак навучальнага года. Недапушчальна аб'ядноўваць вучэбныя заняткі СМГ з асноўнай групай або праводзіць іх два дні запар.
Згодна са Спецыфічнымі санітарна-эпідэміялагічнымі патрабаваннямі напаўняльнасць СМГ павінна быць не больш за 12 вучняў. Вучэбныя заняткі з вучнямі СМГ могуць планавацца ў раскладзе вучэбнага дня да або пасля вучэбных заняткаў. Аднак мэтазгодна праводзіць заняткі СМГ адначасова з вучэбнымі заняткамі па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе». Напрыклад, адзін настаўнік праводзіць вучэбныя заняткі з вучнямі класа асноўнай і падрыхтоўчай груп, а другі — вучэбныя заняткі з вучнямі СМГ гэтага ж класа.
Колькасць і спісачны састаў СМГ на пачатак кожнага паўгоддзя зацвярджаюцца загадам кіраўніка ўстановы агульнай сярэдняй адукацыі на падставе звестак, якія прадастаўляюцца медыцынскім работнікам. Гадзіны, адведзеныя на правядзенне вучэбных заняткаў з вучнямі СМГ, уваходзяць у аб'ём вучэбнай нагрузкі настаўніка фізічнай культуры. У адпаведнасці з Палажэннем аб установе агульнай сярэдняй адукацыі пры распрацоўцы вучэбнага плана ўстановы, якая рэалізуе адукацыйныя праграмы агульнай сярэдняй адукацыі, агульная колькасць вучэбных гадзін, што фінансуюцца з рэспубліканскага і (або) мясцовых бюджэтаў, павялічваецца заснавальнікам на правядзенне вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» з вучнямі, якія па стане здароўя аднесены да СМГ. На адну групу вылучаецца 2 вучэбныя гадзіны на тыдзень.
У кожнага настаўніка па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», які праводзіць вучэбныя заняткі з вучнямі СМГ, павінны быць наступныя плануючыя дакументы:
каляндарна-тэматычнае планаванне;
планы-канспекты вучэбных заняткаў.
Каляндарна-тэматычнае планаванне вучэбнага матэрыялу, распрацаванае настаўнікам, узгадняецца членам адміністрацыі, які курыруе вучэбны прадмет «Фізічная культура і здароўе», зацвярджаецца кіраўніком установы агульнай сярэдняй адукацыі. Плануючая дакументацыя захоўваецца ва ўстанове адукацыі ў настаўніка фізічнай культуры, які праводзіць вучэбныя заняткі з вучнямі СМГ, на працягу ўсяго навучальнага года.
Улік вучэбных заняткаў з вучнямі СМГ вядзецца ў класным журнале на старонках, адведзеных для факультатыўных заняткаў. Усе запісы робяцца ў адпаведнасці з указаннямі па вядзенні класнага журнала. Пры адсутнасці вучня СМГ на вучэбных занятках у журнал уносіцца запіс «н».
Заняткі з вучнямі, аднесенымі па стане здароўя да групы ЛФК, павінны праводзіцца медыцынскімі работнікамі, якія прайшлі спецыяльную падрыхтоўку па лячэбнай фізічнай культуры, у абсталяваных для гэтых мэт памяшканнях арганізацый аховы здароўя.
У класным журнале насупраць прозвішчаў вучняў, якія аднесены па стане здароўя да СМГ, групы ЛФК або вызвалены ад вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», у клетках для адзнак робіцца запіс «СМГ», «ЛФК», «вызв.» адпаведна.
Звяртаем увагу на неабходнасць прыняцця мер па поўнай (100 %) занятасці вучняў, вызваленых ад рухальнай актыўнасці на ўроку, аднесеных па стане здароўя да СМГ, групы ЛФК і прысутных на ўроку «Фізічная культура і здароўе», занятках «Гадзіна здароўя і спорту».
У залежнасці ад асаблівасцей установы адукацыі гэта можа быць:
правядзенне заняткаў з вучнямі СМГ адначасова з правядзеннем вучэбных заняткаў «Фізічная культура і здароўе» (пры магчымасці кадравага забеспячэння: адзін настаўнік праводзіць урок з вучнямі асноўнай і падрыхтоўчай груп, другі — з вучнямі СМГ). У дадзеным выпадку ўлік вучэбных заняткаў з вучнямі СМГ можна весці ў асобным журнале;
правядзенне заняткаў для вучняў, аднесеных да групы ЛФК, адначасова з правядзеннем вучэбных заняткаў «Фізічная культура і здароўе» (пры магчымасці арганізаваць заняткі групы ЛФК у прыстасаваным для гэтага памяшканні ўстановы адукацыі і пры наяўнасці адпаведнага спецыяліста);
іншая арганізацыя занятасці вучняў (правядзенне стымулюючых (падтрымліваючых) заняткаў па іншых вучэбных прадметах, заняткі ў бібліятэцы, заняткі з педагогам-арганізатарам, педагогам-псіхолагам (іншымі педагагічнымі работнікамі)).
Адказнасць за забеспячэнне бяспечных умоў пры гэтым неабходна ўскладаць на работнікаў установы агульнай сярэдняй адукацыі, якія арганізоўваюць дадзеную дзейнасць вучняў.
- Некаторыя асаблівасці вядзення класнага журнала
Запіс вучэбнага матэрыялу ў графе «Змест вучэбных заняткаў» павінен адпавядаць матэрыялу вучэбнай праграмы, які вывучаецца на дадзеных занятках, быць кароткім і лаканічным. Дапускаецца рабіць скарачэнні ў словах.
Вывучэнне кожнага раздзела вучэбнай праграмы павінна пачынацца з навучання вучняў правілам бяспечных паводзін (НПБП) на ўроку з улікам вывучаемага матэрыялу, пра што ў класным журнале робіцца адпаведны запіс.
На першых вучэбных занятках па кожным раздзеле вучэбнай праграмы ў графе «Змест вучэбных заняткаў» трэба ўказваць від спорту.
Наступныя запісы зместу вучэбных заняткаў праводзяцца без указання віду спорту.
Дамашняе заданне рэкамендуецца задаваць вучням па меркаванні настаўніка ў індывідуальным парадку ў адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбных праграм.
Дамашнія заданні па сваёй накіраванасці могуць быць трох відаў:
заданні, звязаныя з выкананнем практыкаванняў або комплексаў практыкаванняў;
заданні, звязаныя з развіццём адной або некалькіх фізічных якасцей;
заданні, звязаныя з вывучэннем тэарэтычных звестак.
Канкрэтныя дамашнія заданні вызначае настаўнік у адпаведнасці з патрабаваннямі вучэбных праграм. Тэрмін праверкі дамашняга задання ўказваецца ў графе «Дамашняе заданне» ў дзень, калі яно задаецца.
Дамашнія заданні для вучняў у I—IV класах і на канікулы не задаюцца.
Вучням, часова вызваленым ад вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», у класным журнале робіцца кароткі запіс «вызв. да…» (у адпаведнасці з датай у медыцынскай даведцы).
Вучні I—XI класаў, аднесеныя па стане здароўя да асноўнай групы, у першай і апошняй чвэрцях навучальнага года выконваюць тэставыя практыкаванні для вызначэння ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці (акрамя вучняў I класа ў I чвэрці).
Вынікі тэставых практыкаванняў заносяцца настаўнікам на адпаведныя старонкі ў канцы класнага журнала. Вынікі першага тэсціравання павінны быць унесены на працягу першай чвэрці, вынікі другога — не пазней за апошні вучэбны тыдзень навучальнага года.
Вучням асноўнай групы, вызваленым па стане здароўя ад выканання аднаго або некалькіх тэставых практыкаванняў на момант здачы нарматыву, у графе «Вынік» робіцца запіс «вызв.», а графы «Узровень» (I ступень агульнай сярэдняй адукацыі), «Адзнака» (II, III ступені агульнай сярэдняй адукацыі) застаюцца незапоўненымі. У вучняў, аднесеных па стане здароўя да падрыхтоўчай групы, СМГ, групы ЛФК і вызваленых ад заняткаў фізічнай культурай па стане здароўя, усе графы застаюцца незапоўненымі.
На І ступені агульнай сярэдняй адукацыі выніковы ўзровень фізічнай падрыхтаванасці вучняў не вызначаецца. Вынікі кожнага з шасці тэставых практыкаванняў і адпаведны ім узровень развіцця асобных фізічных якасцей (нізкі, ніжэйшы за сярэдні, сярэдні, вышэйшы за сярэдні, высокі) заносяцца настаўнікам у адпаведныя графы ў канцы класнага журнала.
Вучням V—XI класаў прадастаўлена права самастойна выбіраць шэсць тэставых практыкаванняў для вызначэння ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці з прапанаваных у вучэбнай праграме пры абавязковай умове, што гэтыя ж тэставыя практыкаванні будуць выконвацца ў канцы навучальнага года. Вучням, якія выканалі ўсе тэставыя практыкаванні, у канцы класнага журнала запісваецца слоўная характарыстыка ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці.
Вучням, якія не выконвалі адно або некалькі тэставых практыкаванняў, узровень фізічнай падрыхтаванасці не вызначаецца.
Вызначэнне ўзроўню фізічнай падрыхтаванасці носіць інфарматыўны характар, выкарыстоўваецца настаўнікам для аналізу эфектыўнасці вучэбнай дзейнасці.
- Атэстацыя вучняў
Абноўленыя нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў
Парадак правядзення бягучай, прамежкавай і выніковай атэстацый і нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў па вучэбных прадметах пры правядзенні бягучай, прамежкавай атэстацый вызначаюцца Правіламі правядзення атэстацыі вучняў пры засваенні зместу адукацыйных праграм агульнай сярэдняй адукацыі, зацверджаных Міністэрствам адукацыі.
З 2022/2023 навучальнага года ўводзяцца ў дзеянне абноўленыя нормы ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў, у адпаведнасці з якімі разам з прадметнымі адукацыйнымі вынікамі будуць ацэньвацца зафіксаваныя ў адукацыйных стандартах (2018 г.) і вучэбных праграмах метапрадметныя адукацыйныя вынікі.
Пры ацэнцы вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў трэба прымаць да ўвагі, што ў межах кожнага ўзроўню вучэбнай дзейнасці розніца паміж найніжэйшым і найвышэйшым баламі звязана, з аднаго боку, з паўнатой прад'яўленага вучнем выніку, з другога — са ступенню самастойнасці яго дасягнення. Напрыклад, балы «1», «3», «5», «7», «9» выстаўляюцца, калі адпаведныя адукацыйныя вынікі вучань дэманструе не ў поўным аб'ёме і/або з дапамогай настаўніка, а балы «2», «4», «6», «8», «10» — за тыя ж вынікі, прадэманстраваныя самастойна і ў поўным аб'ёме.
Адзнакі «1» і «2» балы з'яўляюцца нездавальняючымі, а адзнакі ад «3» да «10» балаў — станоўчымі.
Атэстацыя вучняў I—IV класаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» праводзіцца на змястоўна-ацэначнай аснове, якая прадугледжвае слоўную ацэнку вынікаў вучэбных дасягненняў вучняў без выстаўлення адзнак у балах. Пры правядзенні прамежкавай атэстацыі, атэстацыі вучняў па выніках навучальнага года выкарыстоўваюцца запісы «засвоіў(ла)», «не засвоіў(ла)».
Вучні V—XI класаў пры засваенні зместу вучэбных праграм па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» праходзяць бягучую, прамежкавую і выніковую атэстацыі.
Бягучая атэстацыя ўяўляе сабой паўрочны кантроль адпаведнасці вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў патрабаванням вучэбных праграм згодна са зместам раздзелаў і тэм вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе» на ўроках.
Пры вывучэнні раздзела «Асновы відаў спорту» пры правядзенні бягучай атэстацыі ацэньваюцца не толькі вынікі (тэматычны кантроль), але і працэс фарміравання рухальных уменняў і навыкаў, засваенне вучнямі тэхнікі фізічных практыкаванняў. Адзнака можа выстаўляцца як за скончанае практыкаванне, так і за асобныя яго элементы.
Прамежкавая атэстацыя вучняў выражаецца ў выстаўленні адзнак за чвэрць з улікам вынікаў вучэбнай дзейнасці ў адпаведнасці з патрабаваннямі адукацыйных стандартаў і вучэбнай праграмы па адпаведных раздзелах і тэмах вучэбнага прадмета «Фізічная культура і здароўе». Выстаўленне адзнакі за чвэрць ажыццяўляецца як сярэдняе арыфметычнае адзнак па выніках бягучай атэстацыі (паўрочных балаў).
Пры правядзенні прамежкавай і выніковай атэстацый па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе» вучні, аднесеныя па стане здароўя да СМГ, групы ЛФК (на падставе даведак з установы аховы здароўя), атэстуюцца ў форме «залічана», «не залічана», «не атэставаны(а)». Вучням, якія па стане здароўя часова або пастаянна вызвалены ад вучэбных заняткаў па вучэбным прадмеце «Фізічная культура і здароўе», за чвэрць (год) уносіцца запіс «вызвалены(а)».
Выніковая атэстацыя праводзіцца пасля завяршэння навучальнага года і выражаецца ў выстаўленні адзнакі за год як сярэдняе арыфметычнае адзнак па чвэрцях, пры гэтым у кожным асобным выпадку пытанне неабходна вырашаць на карысць вучня.
- Арганізацыя метадычнай працы
У 2022/2023 навучальным годзе для арганізацыі дзейнасці метадычных фарміраванняў настаўнікаў фізічнай культуры прапануецца адзіная тэма «Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў фізічнай культуры па фарміраванні асобасных, метапрадметных і прадметных кампетэнцый вучняў».
Удасканаленне прафесійнай кампетэнтнасці настаўнікаў можа ажыццяўляцца як на тэарэтычных, так і на практычных мерапрыемствах рознага ўзроўню.
Пытанні, якія рэкамендуюцца для абмеркавання на жнівеньскіх прадметных секцыях:
- Нарматыўнае прававое і навукова-метадычнае забеспячэнне агульнай сярэдняй адукацыі ў 2022/2023 навучальным годзе:
Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, іншыя нарматыўныя прававыя акты, якія рэгулююць пытанні арганізацыі адукацыйнага працэсу па вучэбных прадметах (асноўныя палажэнні, асаблівасці выканання іх патрабаванняў у новым навучальным годзе);
правілы бяспекі арганізацыі адукацыйнага, выхаваўчага працэсаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі.
- Аналіз вынікаў работы метадычных фарміраванняў настаўнікаў у 2021/2022 навучальным годзе. Планаванне работы метадычных фарміраванняў у 2022/2023 навучальным годзе.
Дзейнасць усіх метадычных фарміраванняў павінна планавацца з улікам адукацыйнага і кваліфікацыйнага ўзроўняў педагагічных работнікаў, іх прафесійных інтарэсаў, запытаў і садзейнічаць іх прафесійнаму развіццю.
На пасяджэннях метадычных фарміраванняў настаўнікаў фізічнай культуры на працягу навучальнага года рэкамендуецца разгледзець наступныя тэмы:
«Арганізацыя работы з вучнямі падрыхтоўчай групы з улікам дыферэнцыраванага падыходу да іх фізічнага развіцця»;
«Арганізацыя заняткаў з вучнямі, аднесенымі па стане здароўя да СМГ»;
«Дыферэнцыраваны падыход да кантролю і ацэнкі вынікаў вучэбнай дзейнасці вучняў з улікам фізічнага развіцця і медыцынскіх паказанняў»;
«Выкарыстанне камп'ютарных тэхналогій і электронных сродкаў навучання ў рабоце настаўніка па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе” і кіраўніка фізічнага выхавання»;
«Фарміраванне метапрадметных, прадметных і асобасных кампетэнцый вучняў у працэсе засваення імі зместу вучэбных праграм з дапамогай разнастайных арганізацыйных форм»;
«Пераемнасць у фізічным выхаванні вучняў на розных ступенях агульнай сярэдняй адукацыі»;
«Падрыхтоўка вучняў да ўдзелу ў рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбным прадмеце “Фізічная культура і здароўе”»;
«Выхаваўчы патэнцыял урока фізічнай культуры і здароўя»;
«Арганізацыя работы з высокаматываванымі вучнямі».
З дадатковай інфармацыяй аб арганізацыі фізічнага выхавання вучняў, аператыўнымі звесткамі аб выніках правядзення рэспубліканскіх фізкультурна-аздараўленчых і спартыўна-масавых мерапрыемстваў можна пазнаёміцца на сайце ўстановы «Рэспубліканскі цэнтр фізічнага выхавання і спорту вучняў і студэнтаў» (http://www.sporteducation.by).